ВІЛЬГЕ́ЛЬМ І АРА́НСКІ

(Willem van Oranje) Маўклівы (24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),

прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)